30 верасня, напярэдадні свята Дня пажылых людзей, у Яроміцкім дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці адбылася “Паэтычная гасцёўня”. У святочна прыбранай зале сабраліся дзеці, выхавацелі, госці (пенсіянеры, якія раней працавалі ў гэтай установе).
Запрасілі на мерапрыемства і мясцовых паэтаў: Балахоўскую Галіну Андрееўну і Лебедзя Міхаіла Мітрафанавіча, членаў паэтычнай студыі “Белый аист”.

У зале панавала вясёлая ўрачыстасць. Дзеці былі апрануты ў беларускія строі. Алена Генадзьеўна Арцюх, намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці, шчыра прывітала ўсіх, выказала глыбокую падзяку пенсіянерам за шматгадовую добрую працу ў дзіцячай установе.
Вядучая Літвінюк Таццяна Мікалаеўна прадставіла гасцей, дала слова Галіне Андрэеўне, якая расказала пра паэтычную студыю, прачытала вершы пра родныя мясціны. Дзеткі хорам паўтаралі цудоўныя словы пра сонца, раніцу. Калі хлопалі ў далоні, дзеці шчасліва ўсміхаліся.
А потым гучала дзіцячая песня “Мы жывем ў Беларусі”. З якім замілаваннем выхаванцы выконвалі песню! Усе шчодра апладзіравалі за добрае выкананне.

Пасля вядучая прадставіла Міхаіла Мітрафанавіча, які пазнаёміў са своімі вершамі і мастацкімі карцінамі. Гасцям вельмі спадабаўся верш “Лебедзі”.

Далей загучала песня на словы Галіны Балахоўскай “Жураўліная старонка”. Гурыш Сафія прыгожа танцавала пад гэтую музыку. Здавалася, што ўсмешкі, добразычлівасць, добры настрой дзяцей і дарослых ствараюць незвычайна пачуццёвую атмасферу святла і дабрыні, асабліва, калі Сафія артыстычна прачытала верш “Калі ласка” П. Броўкі, а Ліцкевіч Панцялей праспяваў пранікліва і хораша песню “Хата бацькоў”.

А потым, калі гаворка зайшла пра бабулю (што асабліва было прыемна гасцям), дзеці прыгожа праспявалі песню “Кую, кую ножку”. Музычны кіраўнік Аўсяйчук Святлана Анатольеўна вельмі добра падрыхтавала выхаванцаў, і музычнае афармленне гасцёўні было таксама на высокім ўзроўні.

А між тым свята працягвалася. І як жа радаваліся дзеці, калі Галіна Андрэеўна паказала, як спявае салавейка.
І вось нарэшце загучала яшчэ адна песня на словы Галіны Балахоўскай “Я жыву ў салаўінай краіне”. Дзеці і дарослыя ўтварылі кола, кружыліся і падпявалі.

Не хацелася нікому разыходзіцца, бо кранальная музыка паэзіі гучала ў душы кожнага, хто быў на свяце. Ды яшчэ і чаяпіцце падрыхтавалі выхавацелі для гасцей, дзе зноў гучалі вершы, кацілася, лілася гутарка ўспамінаў.
